Народны камерны аркестр
Гісторыя камернага аркестра Лідскай дзіцячай музычнай школы пачалася ў 1985 годзе, калі выкладчык школы
Галіна Іванаўна Картаўцава заснавала камерны квартэт. Самымі першымі яго ўдзельнікамі сталі Жыдаловіч Ірына Мікалаеўна, Кавалеўская Таццяна Мікалаеўна, Язлавецкая Наталля Мікалаеўна. З першых дзён свайго ўтварэння калектыў стаў прымаць актыўны ўдзел у творчым жыцці школы, выконваючы ў асноўным творы замежных класікаў. А ў 1988 годзе нават удзельнічаў у конкурсе метадычных і творчых работ выкладчыкаў вучэбных устаноў культуры і мастацтва.
Паступова калектыў пашыраўся, змяняліся яго кіраўнікі, рэпертуар папаўняўся новымі творамі сучасных замежных і беларускіх аўтараў, усё больш актывізавалася і канцэртная дзейнасць аркестра.
З 1999 года кіраўніком калектыву стаў выкладчык школы Агарак Аляксандр Васільевіч. Іменна пад яго кіраўніцтвам у 2001 годзе камерны аркестр абараняе званне НАРОДНЫ. Гэта была асабліва значная з'ява ў жыцці калектыву. У склад былі ўключаны духавая і ўдарная групы, з'явіліся салісты. Музыканты пачалі шырока прапагандаваць музыку беларускіх кампазітараў 18-19 стагоддзя і сучаснікаў, а таксама з'явіліся ў рэпертуары творы і лідскіх аўтараў. Побач з творчай дзейнасцю сталі надаваць больш увагі і музычна-асветніцкай рабоце сярод падрастаючага пакалення - камерны аркестр і сёння часты госць у дзіцячых садах і школах. Гэты музычны калектыў з'яўляецца неаднаразовым удзельнікам многіх гарадскіх святаў і мерапрыемстваў. А ў 2004 годзе аркестр выступаў на фестывалі камернай музыкі «МІРСКІ ЗАМАК».
Нямала ўражанняў у музыкантаў засталося ад сумеснага канцэрта з нямецкім аркестрам, які адбыўся ў нашым горадзе некалькі гадоў назад.
Новая старонка ў гісторыі камернага аркестра была перагорнута ў 2008 годзе, калі калектыў узначаліў Сымановіч Аляксандр Аляксандравіч. Ён з'яўляўся не толькі кіраўніком, але і аранжыроўшчыкам твораў, якія выконваліся. Жанравы напрамак калектыву тут жа крута змяняецца, з'яўляецца эстрадны рэпертуар. Музыканты выконваюць творы замежных класікаў і беларускіх аўтараў зусім розных стыляў, на іх канцэртах можна пачуць музыку як чыста для камернага складу,
так і для эстрадна-сімфанічнага.
У кастрычніку 2010 года аркестр узначаліла Васілік Ірына Іосіфаўна, якая прадоўжыла ўсе добрыя традыцыі, якія склаліся ў калектыве. Пры ёй у 2011, 2014 гадах аркестр у чарговы раз з поспехам пацвярджае званне «НАРОДНЫ».
Музыканты, не астанаўліваючыся, працягваюць ісці ў ногу з часам. На сённяшні дзень удзельнікі калектыву - гэта 18 надзвычай выдатных прафесіянальных музыкантаў і 3 вакалісты - Кацярына Клімовіч, Гражына Комінч, Часлаў Янушкевіч.
Аранжыроўшчыкамі аркестровых твораў з'яўляюцца Аляксандр Сымановіч і Уладзімір Рыжэнін. Сёння камерны аркестр можна па праву назваць ЭСТРАДНЫМ КАЛЕКТЫВАМ. У 2015 годзе калектыў адзначыў сваё 30-годдзе.