top of page
Узорны камерны аркестр

Стварэнне камернага аркестра Лідскай ДМШ пачалося ў 1972 годзе, калі пад кіраўніцтвам выкладчыка па класу скрыпкі Глебаўскай В.М. быў створаны ансамбль скрыпачэй. Мэтай стварэння калектыву было фарміраванне і развіццё ў вучняў навыкаў і прыёмаў ансамблевай ігры. У пачатку 80-х гадоў ансамбль скрыпачоў узначаліў выкладчык струнна-смычковага аддзялення Русецкі І.С. У выкананні вучняў можна было пачуць творы класічнай музыкі кампазітараў 16-17 ст.

У пачатку 90-х гадоў утварыўся камерны аркестр пад кіраўніцтвам выкладчыка па класу скрыпкі Квяткоўскай Л.В. Колькасць удзельнікаў значна вырасла і дасягнула 16 чалавек. Рэпертуар калектыву стаў больш разнастайным, так як выконваліся не толькі творы класічнай музыкі, але і творы савецкіх кампазітараў.

У 1999 годзе пад кіраўніцтвам выкладчыка струнна-народнага аддзялення Сушчэўскага Г.І. дзіцячы камерны аркестр атрымаў званне «ўзорны» камерны аркестр. Значна павялічыўся і стаў разнастайным склад аркестра і рэпертуар.

У складзе з'явіліся альт і кантрабас, што значна змяніла гучанне аркестра. Узорны камерны аркестр прымаў актыўны ўдзел у канцэртах школы.

З 2000 года ўзорным аркестрам кіруе выкладчык струнна-смычковага аддзялення Арлова А.Г. Колькасць удзельнікаў асноўнага складу аркестра ўзрос да 22 чалавек. Акрамя групы струнна-смычковых інструментаў у склад калектыву ўведзены раяль (канцэртмайстар Лугіна Н.В.), а таксама ўдарныя інструменты. Рэпертуар аркестра становіцца больш разнастайным па жанрах музыкі. У яго выкананні можна пачуць творы кампазітараў розных эпох і стыляў.

У 2006 годзе камерны аркестр пацвердзіў званне «ўзорны». Калектыў прымае актыўны ўдзел у канцэртах і фестывалях.

У 2008 годзе праходзіў фестываль творчых калектываў навучэнцаў дзіцячых музычных школаў і дзіцячых школ мастацтваў Лідскага метадычнага аб'яднання, дзе ўзорны камерны аркестр узнагароджаны ганаровай граматай.

У 2010 г. калектыў прымаў удзел у рэгіянальным конкурсе ансамбляў «Веснавы праменьчык»-2010, які праходзіў у горадзе Маладзечне, за паспяховае выступленне ўзнагароджаны граматай.

Належыць таксама адзначыць, што акрамя асноўнага складу калектыву, актыўна прымае ўдзел у канцэртах малодшая група ўзорнага камернага аркестра.

У 2011, 2014 гадах калектыў зноў пацвердзіў званне «ўзорны». У сучасны час рэпертуар аркестра значна ўзбагаціўся творамі джазавай і эстраднай музыкі.

 

 

bottom of page